КА́МЕРНЫ АРКЕ́СТР,

невялікі аркестр, аснову якога складае струнная група, часам яе дапаўняюць клавесін, духавыя і ўдарныя інструменты. Яго асаблівасці: няўстойлівасць і ненарміраванасць складу, індывідуалізацыя партый (кожная партыя часам выконваецца адным салістам). Вызначэнне «К.а.» ўведзена ў 20 ст. ў сувязі з імкненнем узнавіць арыгінальнае гучанне барочнай і раннекласічнай музыкі і характэрнымі тэндэнцыямі сучаснай кампазітарскай творчасці: павелічэннем ролі поліфаніі, эканоміяй муз. сродкаў, рэакцыяй на «звышаркестр», што склаўся да пач. 20 ст. Для К.а. значны рэпертуар стварылі кампазітары П.​Хіндэміт, Дз.​Шастаковіч, Я.​Раэтс, А.​Шнітке, бел. Г.​Вагнер, В.​Войцік, Я.​Глебаў, В.​Капыцько, В.​Кузняцоў і інш.

Сярод вядомых калектываў: К.а. пад кіраўніцтвам В.​Штроса (Германія), «Новыя віртуозы Рыма» (Італія), К.а. лад кіраўніцтвам В.​Траццякова, «Віртуозы Масквы», «Салісты Масквы» пад кіраўніцтвам Ю.​Башмета (Расія), Літоўскі пад кіраўніцтвам С.​Сандэцкіса, К.а. Грузіі пад кіраўніцтвам Л.​Ісакадзе, Ерэванскі К.а. і інш., на Беларусі — Дзяржаўны камерны аркестр Рэспублікі Беларусь.

т. 7, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)